Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Раздзелы сайта

Галоўная

Усадебно-парковый комплекс

“Комплекс былой сядзібы: сядзібны дом, царква, парк

пачатак ХІХ стагоддзя

в.Пярковічы” 

Сядзібны дом

Паводле даследавання Р. Афтаназы, адзін з нашчадкаў роду Віславухаў Зянон Віславух, падкаморы брэсцкі, у 1805 г. распачаў будаўніцтва двухпавярховага мураванага палаца, завэршэнне і аздобу якога выканаў яго сын Віктар, маршалак пружанскі. Палац праіснаваў з некаторымі зменамі ў архітэктурным абліччы да Другой сусветнай вайны. Паводле апісання  Р. Афтаназы, асноўны аб’ём будынка меў у плане прамавугольную форму, месціўся на высокім 1,5-метровым падмурку. Цэнтральны фасад вылучаўся высокім порцікам на чатырох масіўных калонах і шырокім балконам. У канцы 19 ст.здарыўся няшчасны выпадак, калі фурман на чатырох парах коней зачапіўся за крайнюю калону порціка і забіўся. Новы гаспадар разабраў порцік і калоны, замяніўшы іх на драўляную веранду з выхадам на балкон. З боку парку існаваў таксама чатырохкалонны порцік, які быў значна вышэйшы за франтальны.

У 1906 г. палац грунтоўна абноўлены, заменена гонтавае крыццё на цынкоўку, франтальная веранда набыла выгляд мансарды ў рэнесансавым стылі. На яе шчыце была змешчана табліца з надпісам на латыні: “CERTAPROIUSTITIAA.D. 1906” (“ЗАКОН ПРАЗ ЗГОДУ А.Д. 1906”). 

Сядзібны дом – прамавугольны ў плане двухпавярховы будынак з мансардай і неглыбокім рызалітам з пілястрамі. Мансардавы паверх, які прарэзвае вальмавы дах, узвышаецца над цэнтральнай часткай і на галоўным фасадзе вырашаны фігурным трохступеньчатым атыкам з рамбічнымі вокнамі. Абодва паверхі маюць калідорную планіроўку з двума тарцовымі двухмаршавымі лесвіцамі. Цэнтральную частку будынка займалі парадныя залы, вылучаныя на дваровым фасадзе трохгранным эркерам. Аздоба інтэр’ера не захавалася.

Палац меў 17 пакояў. Першы паверх складаўся з рэпрэзентатыўнага салона, спальняў, сталовай, рабочага кабінета, буфетнай, кладоўкі, пярэдняй з выхадам на тэрасу.

Каля 1914 года парадны салон меў каштоўны гарнітур са старой мэблі з ясеню, на сцяне віселі карціна 18 ст., на якой быў намаляваны хор манахаў, партрэты Язэпа Віславуха, законніка манаскага ордэна піяраў з часоў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і Вітольда Віславуха, філосафа, выпускніка Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі (памёр у 1892 г.).

Пакой сталовай упрыгожваў вялікі стол з точанымі ножкамі, крэслы з дубу і велізарны бронзавы буфет 1-й паловы 19 ст., дзве мармуровыя калонкі, аздобленыя малюнкамі вінаградных гронак. На сценах віселі партрэты Віктара Віславуха, двух нашчадкаў роду Андрэйкавых і Севярына Залеўскага, выкананых мастаком
Ю. Аляшкевічам.

У астатніх пакоях захавалася некалькі гістарычных рэчаў: ясеневы столік, секрэтэр, крэслы, ложкі, аздобленыя арнаментам, фарфоравыя вырабы, жалезная скрыня 16 ст. і шэраг іншых рэчаў.

У пярэдняй месціліся ясеневая канапа і светлая шафа, вісеў дубовы крыж з выявай Ісуса Хрыста, а па баках крыжа стаялі выразаныя з дрэва ў натуральную велічыню святыя Язэп і Дамінік. Гэтыя сакральныя каштоўнасці паходзілі з Янаўскага парафіяльнага касцёла.

Другі паверх складаўся з двух рэпрэзентатыўных салонаў: “попельнага” і “белага”, раздзеленых дзвюма калонамі. У салонах стаялі тры печы з белай кафлі, тры фігуркі французскіх мушкецёраў і Напалеона Банапарта, мэбля з чырвонага дрэва, акруглы столік, выкананы ў “стылі Людовіка ХVІ”.

На адной са сцен “попельнага” салона вісеў фламандскі габелен памерам 3х4 м, некалькі карцін: “Гульня ў шахматы”, “Паляшук у лодцы” і інш.

У “белым” салоне стаяла мэбля, выкананая ў “стылі Людовіка ХVІ”, антычныя гадзіннікі, адзін з якіх быў аздоблены фігуркамі Рамэо і Джульеты, віселі некалькі партрэтаў з відам каралеўскага замка ў Варшаве, напісаныя Юзафам Крашэўскім, і велізарная жырандоль. Побач месцілася бібліятэка, у якой стаяў дубовы стол Юзафа Крашэўскага. Тут меўся стары крыж з чорнага дрэва, які падараваў гаспадарам маёнтка Рамуальд Траўгут, калекцыя люлек для курэння, вялікі куфэрак, дзе захоўваліся каштоўныя рукапісы, напісаныя кірыліцай.

З іншых гістарычных каштоўнасцей у маёнтку захоўвалася гармата, якая паходзіла з Жаберскага абарончага замка Вішнявецкіх. Гармата была затоплена ў час захопу замка замка шведамі, у пачатку 20 ст. яна была знойдзена мясцовымі рыбакамі, а ў Першую сусветную вайну закапана і  ўратавана ад немцаў. Пазней гармата была передадзена ў Варшаўскі музей Войска польскага.

Асноўная бібліяграфія.

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць/ АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору;
Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал.рэд.) і інш. – Мн.: Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1984. – 368 с., іл.

Несцярчук Л. М. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х – ХХ стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы)/ Л. М. Несцярчук. – Мн.: БЕЛТА, 2002. – 336 с.: іл.

Памяць: Гіст-дакум. хроніка Драгічынскага  раёна/ Беларускае тэлеграфнае агенцтва; Я. Я. Аляксейчык і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. – Мн.: БЕЛТА, 1997. – 575 с.

Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область/ АН БССР, Ин-т искусствоведения, этнографии и фольклора, Белорус. Сов. Энцикл.; Редкол.: С. В. Марцелев (гл. ред.)и др. – Мн.: БелСЭ, 1990. – 424 с.: ил.

Царква на ўсходняй ускраіне вёскі, у сядзібна-паркавым комплексе Віславухаў. Пабудавана ў першай палове ХІХ стагоддзя з цэглы як уніяцкая  па фундацыі ўладальніка маёнтка падкаморыя брэсцкага Зянона Віславуха. Дзейнічае з 1980-х гг.  

Царква 

Царква на ўсходняй ускраіне вёскі, у сядзібна-паркавым комплексе Віславухаў. Пабудавана ў першай палове ХІХ стагоддзя з цэглы як уніяцкая  па фундацыі ўладальніка маёнтка падкаморыя брэсцкага Зянона Віславуха. Дзейнічае з 1980-х гг.

Помнік архітэктуры класіцызму. Храм вырашаны ў буйных манументальных формах. Аднанефавы прамавугольны ў плане аб'ём пад 2-схільным дахам з вальмай над алтарнай сцяной. Дах па краях завершаны драўлянымі 8-граннымі барабанамі. Галоўны арачны ўваход вылучаны 4-паўкалонным порцікам з трохвугольным франтонам, які рытмічна спалучаецца з драўляным франтонам даху. Бакавыя фасады расчлянёны высока ўзнятымі арачнымі аконнымі праёмамі і масіўнымі спаранымі пілястрамі ў прасценках.

У інтэр'еры сцены малітоўнай залы раскрапаваны шырокімі спаранымі пілястрамі. У паўднёвай частцы хоры, якія падтрымліваюцца 2 масіўнымі пілонамі. У агульнай прасторы залы бакавыя прамавугольныя рызніцы вылучаюць квадратную апсіду, вылучаную 3-ярусным іканастасам.

Асноўная бібліяграфія.

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць/ АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору;
Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал.рэд.) і інш. – Мн.: Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1984. – 368 с., іл.

Кулагін А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік/А. М. Кулагін; Маст. І.І. Бокі. – Мн.: БелЭн, 2001. – 328 с.: іл.

Кулагін, А. Праваслаўныя храмы Беларусі: Энцыкл. давед. / А.М.Кулагін. Маст. З.Э.Герасімовіч, У.П.Свентахоўскі. — Мн.: БелЭн, 2007. — с. 343 – 344.

Памяць: Гіст-дакум. хроніка Драгічынскага  раёна/ Беларускае тэлеграфнае агенцтва; Я. Я. Аляксейчык і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. – Мн.: БЕЛТА, 1997. – 575 с.

Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область/ АН БССР, Ин-т искусствоведения, этнографии и фольклора, Белорус. Сов. Энцикл.; Редкол.: С. В. Марцелев (гл. ред.)и др. – Мн.: БелСЭ, 1990. – 424 с.: ил.

Туристская энциклопедия Беларуси. Мн.: БелЭн, 2007. – 648 с. 

Парк 

Першапачаткова плошча парка складала 16 га. Адносіцца да ліку паркаў, якія фарміраваліся ў эпоху пейзажнага паркабудаўніцтва. Яго будаўніцтва вялося з выкарыстаннем рэгулярнай планіроўкі, але не без уплыву пейзажнага стылю. Парк характарызуецца дакладна выражанай падоўжанай воссю працягласцю каля 500 м і сіметрычным размяшчэннем асноўных кампазіцыйных элементаў. Па восі пабудаваны сядзібны дом, парадны і паркавы партэры, сажалка і канал. Вось замыкалася з аднаго боку касцёлам, з другога – альтанкай на востраве. Па агульнай кампазіцыйнай будове парк падобны да рэгулярных другой паловы 18 ст., якія закладваліся ў маёнтках заходняй часткі Беларусі. Аднак тут не было баскектаў – асноўнага структурнага элемента рэгулярных паркаў, не выкарыстоўвалася дэкаратыўная фармоўка дрэў, насаджэнні прадстаўлены мясцовымі відамі.

Да параднага партэра вядзе алея праз вялікі дрэвавы масіў (ясені, клёны, ліпы). У першым ярусе насаджэнняў дамінуюць буйныя дрэвы ясеня звычайнага. Побая добра развіты падрост з клёна, ясеня, ліпы. Неглыбокія каналы дрэніравалі злёгку паніжаную роўную тэрыторыю гэтай часткі сядзібы. На фоне масіваў кантрастна выдзяляўся светлы, адносна вялікі парадны партэр. Яго ранейшая планіроўка зменена і мае геаметрычныя формы. У бардзюрах шматлікіх прамавугольнікаў карагач, у лінейных пасадках – конскі каштан, туя, ліпа. У адзінкавых экземплярах трапляюцца таполя чорная італьянская, клён вастралісты і інш. Праз партэр, уздоўж другой паркавай восі, праходзіць дарога, якая звязвае цэнтр сядзібы з гаспадарчымі пабудовамі, вынесенымі за межы парка. Паркавы партэр захаваўся часткова (у сувязі з будаўніцтвам школы). Ён меў форму прамавугольніка, фіксіраванага па вуглах адзінкавымі дрэвамі ліпы розных тэрмінаў цвіцення.

За сядзібным домам, перпендыкулярна асноўнай кампазіцыйный восі, уздоўж паркавага партэра размешчаны невялікі, выцягнуты, з двума асіметрычна выгнутымі рукавамі вадаём. Ад яго уздоўж асноўнай восі праходзіць канал, які завяршаецца круглым востравам дыяметрам 26 м. Акцэнтам перспектывы была альтанка, да якой былі перакінуты два мосцікі. Прагулачны маршрут праходзіў уздоўж воднай сістэмы па прыўзнятай насыпной дарожцы шырынёй 6 м, якая была падкрэслена аднарадавай лінейнай пасадкай ліпы. Тут расце старэйшы ў Беларусі экземпляр вярбы белай (вышыня 20 м, дыяметр ствала 123 см).

Парк захаваўся часткова (3,5 га).

Асноўная бібліяграфія.

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць/ АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору;
Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал.рэд.) і інш. – Мн.: Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1984. – 368 с., іл.

Несцярчук Л. М. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х – ХХ стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы)/ Л. М. Несцярчук. – Мн.: БЕЛТА, 2002. – 336 с.: іл.

Памяць: Гіст-дакум. хроніка Драгічынскага  раёна/ Беларускае тэлеграфнае агенцтва; Я. Я. Аляксейчык і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. – Мн.: БЕЛТА, 1997. – 575 с.

Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область/ АН БССР, Ин-т искусствоведения, этнографии и фольклора, Белорус. Сов. Энцикл.; Редкол.: С. В. Марцелев (гл. ред.)и др. – Мн.: БелСЭ, 1990. – 424 с.: ил.